Васіль Дранько-Майсюк Што варта ведаць пра Петруся Броўку, альбо 10 фактаў пра самага неадаацэненага паэта Беларусі 1. Ён не адразу знайшоў сябе. Першыя вершаваныя творы — перайманне Маякоўскага. 2. У самы пік рэпрэсій пачаў складаць тонкія лірычныя вершы, як быццам хаваўся ў іх ад жахлівай рэчаіснасці. 3. Варагаваў з Міхасём Лыньковым і Аркадзем Куляшовым, але вельмі блізка сябраваў з Глебкам, а з маладзейшых паэтаў вельмі любіў Рыгора Барадуліна. 4. Артыстычна чытаў свае вершы, не грэбаваў (асабліва ў маладыя гады) алкаголем. 5. Найбольш выдатна раскрыўся ў лірыцы, у паэмах жа наадварот яму не ставала пэўнай дынамікі. Але яго невялічкая паэмка «Кастусь Каліноўскі» выгадна вылучалася. Яна і зараз павінна быць у школьнай праграме. 6. Адзіны са свайго пакалення (непасаджаных) літаратараў, у творчасці якога прасочваецца горыч за 1930-я гг., калі трэба было прыстасоўвацца і выжываць. 7. У адрозненні ад сябра Глебкі — шчыра спрыяў таварышам, якія вярталіся са сталінскіх лагероў у канцы 1950-х. Таму Броўку вельмі цаніў аўтар «Налі». 8. Вельмі перажываў, што яго празаічны эпас «Калі зліваюцца рэкі» многімі ўспрымаўся дастаткова насмешліва. 9. Адзін з нямногіх беларускіх паэтаў, які і пасля 1960-х гадоў працягваў складаць дзівосныя вершы пра каханне і не страціў гэтага рамантычнага пачуцця. У гэтым сэнсе блізкі свайму сябру і духоўнаму настаўніку Якубу Коласу. 10. Адзін з самых недаацэненых беларускіх паэтаў, пра якога і зараз многія неадукаваныя дзівакі думаюць выключна, як пра партыйнага функцыянера.